Выстава работ В.К. Бялыніцкага-Бірулі, прысвечана 140-годдзю са Дня нараджэння мастака і 100-годдзя дачы “Чайка”


Выстава работ В.К. Бялыніцкага-Бірулі, прысвечана 140-годдзю са Дня нараджэння мастака і 100-годдзя дачы “Чайка” (з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь).

У гэтым годзе мы святкуем памятную дату -140 год як нарадзіўся выдатны мастак Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля. Ён меў прыродны талент пейзажыста-лірыка. Яго карціны - жывапісны роздум, прызнанне ў любві роднай прыродзе, яе някідкай непаўторнай прыгажосці.

Жыццёвая і творчая біяграфія В.К. Бялыніцкага-Бірулі простая і характэрная для многіх мастакоў яго пакалення: змалку праяўленая цікавасць да жывапісу, атрыманне прафесійнай адукацыі (спачатку ў Кіеўскай малявальнай школе М.І. Мурашкі, а потым, у 1889-1896 гадах, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства) і праца, творчая, напружанная, у пошуках свайго почырку, манеры, сваёй адметнасці.

Безумоўна, уражанні ранняга дзяцінства моцна паўплывалі на арыгінальнасць мастацтва В.К. Бялы-ніцкага-Бірулі. Ён нарадзіўся ў 1872 годзе на Беларусі ў сядзібе Крынкі каля Бялынічаў, што на Магілёўшчыне. Сціплая прыгажосць беларускай прыроды з яе лясамі, пералескамі, палямі, рэчкамі і балотцамі, якія зачароўваюць прастатой матыву, інтымнасцю куточкаў, мяккімі спакойнымі фарбамі, назаўсёды ўвайшлі ў душу будучага мастака. "Мае жыццё з дзяцінства заўсёды звязана з прыродай. У ёй і з ёю я бачыў сэнс жыцця", - пісаў мастак у сваіх успамінах.

Бялыніцкі-Біруля пачаў выстаўляцца яшчэ на вучнёўскіх паказах у Маскоўскім вучылішчы. Потым ён прымаў удзел у працы Таварыства перасоўных мастацкіх выставак, Маскоўскага таварыства мастакоў, Маскоўскага аб'яднання аматараў мастацтва. У 1908 годзе В.К. Бялыніцкі-Біруля атрымаў званне акадэміка жывапісу. А ў 1912 годзе мастак набыў кавалак зямлі і пабудаваў дом з майстэрняй у вельмі прыгожым куточку Цвярской губерні на беразе возера Удомля. Сваю невялікую сядзібу ён назваў "Чайка". Маляўнічая прырода вакол возера Удомля і "Чайкі" натхнілі мастака на стварэнне шматлікіх выдатных твораў. 3 "Чайкай" звязана ўсё яго далейшае жыццё і праца -"Апошні снег. «Чайка» і яе наваколлі. Эцюд» (1930-я), "Бэз. «Чайка». Эцюд" (1935).

У творчасці В.К. Бялыніцкага-Бірулі пераважае так званы "чысты пейзаж" - адлюстраванне прыроды самой па сабе. Добра адчуваючы адметнасць мясцовасці, мастак імкнуўся не столькі выявіць яе канкрэтныя рысы, асаблівасці яе характару, хаця гэта прысутнічае ў кожным пейзажы, колькі перадаць настрой прыроды, які залежыць ад пары года, сутак, асвятлення, а таксама - тыя эмоцыі, якія ўзнікаюць у чалавека ад адносін з прыродай - "Ранняй вясной. Эцюд" (1940-я), "Лясная рэчка зімой" (1920).

Асаблівае месца ў спадчыне В.К. Бялыніцкага-Бірулі займаюць серыі пейзажаў памятных мясцін, звязаных з А.С. Пушкіным, П.І. Чайкоўскім і інш. Выкананыя з вялікім жывапісным майстэрствам, яны напоўнены глыбокай павагай да памяці выдатных людзей і з велізарнай паэтычнай сілаю апяваюць прыгажосць прыроды - "Святагорскі манастыр. Пушкінскія мясціны" (1936), "Клін. Сад П.І. Чайкоўскага. Пасля сіняга дажджу. Эцюд"(1942), "Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць» (1936).

Вялікае мноства эцюдаў мастака - асобная частка яго спадчыны. Хутка выкананыя, яны, як правіла, увасаблялі не толькі непасрэдна ўбачанае, не толькі ўпадабаны матыў, але перш-наперш перадавалі стан прыроды, эмацыянальнае ўспрыманне яе самім майстрам. Большая частка шматлікіх эцюдаў - безумоўна, закончаныя, самастойныя творы: "Вячэрняя цішыня. Падмаскоўе. Эцюд" (1920-я), "Восеньскі вецер. Вёска Бугрова. Эцюд" (1936), "Пачатак палярнай зімы. Рака Церыберка ля Баранцава мора. Эцюд" (1935-1937).

У 1947 годзе В.К. Бялыніцкі-Біруля зноў прыязджае на радзіму. "Я не быў больш за сорак гадоў на Беларусі. Але ніколі не забываў яе лясы, рэчкі, азёры, бясконца родныя і блізкія майму сэрцу". 3 юнацкай парывістасцю, запалам, з зайздроснай энергіяй амаль што месяц у вялікім захапленні працаваў Бялыніцкі-Біруля ў наваколлях Мінска. Ён напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія потым былі перапрацаваны ў цыкл карцін пра Беларусь - "Мінскія наваколлі. Яблыні ў квецені. Беларусь. Эцюд" (1947).

Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля памёр у 1957 годзе ў Маскве ва ўзросце 85 гадоў. Яго карціны знаходзяцца ў многіх музеях і прыватных зборах. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца самая вялікая калекцыя твораў мастака.

96